Калі жонка схільная да… бойкі

0 0

Калі жонка схільная да… бойкі

Гэтая гісторыя мела месца ў вёсцы Падстарынь (Брэсцкая вобласць). Муж з дзецьмі доўга чакаў вяртання жонкі, якая вечарам таго дня накіравалася бавіць час да сябровак. Калі яна нарэшце вярнулася, то муж зрабіў ёй заўвагу, але рэакцыя жонкі была звышнечаканай – яна з кулакамі накінулася на мужа. Узніклі бойка і такі скандал, што спужанае дзіця патэлефанавала ў міліцыю, бо ўтаймаваць раз’юшаную матулю ўжо ніхто не мог! І гэта ў сям’і, якая мае добрую рэпутацыю – у сельсавеце, у навучальных установах, куды наведваюцца іх дзеці.

Як паведамляе «ІВ» Яўген Міхнюк, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС, з пачатку года супрацоўнікі райаддзела міліцыі склалі больш за 300 пратаколаў па фактах сямейнага гвалту і скандалаў, з іх каля 20 – у адносінах да жанчын. Канешне, гэта непараўнальна, асноўныя скандалісты ў нас – мужчыны, тым не меней, і прадстаўніцы слабага полу часам здольныя на ўчынкі, якія ад іх ніхто і не чакаў. Так, жыхарка Косава з кулакамі накінулася на брата і збіла яго – прыйшлося звяртацца ў праваахоўныя органы. Жыхарка в. Волька ўстроіла скандал дома – і міліцыю на яе выклікала маці… Большая частка з ліку скандальных жанчын так званыя асацыяльныя асобы, якіх даўно ўзялі «на аловак» у міліцыі, але, здараецца, што моцныя сваркі, спрэчкі і бойкі ўспыхваюць у сем’ях, дзе, здаецца, жывуць заможна, дзе і муж і жонка характарызуюцца станоўча, але…

Як абараніць дзіця… ад роднай мамы?

Вось яшчэ на якую праблему просіць звярнуць увагу Яўген Міхнюк: прыкладна раз у два-тры месяцы міліцыі прыходзіцца разбірацца па фактах нанясення бацькамі цялесных пашкоджанняў… уласным дзецям. Як гэта адбываецца? Педагогі, кіраўніцтва навучальных устаноў, медработнікі школы робяць паведамленне ў міліцыю, што ў таго або іншага дзіцяці на целе з’явіліся гематомы, сінякі, кровападцёкі… Супрацоўнікі РАУС праводзяць разбіральніцтвы – і часцей за ўсё атрымліваецца, што, перавысіўшы меры выхаваўчага характару, дзіця адлупцаваў родны тата або мама.

Майце на ўвазе: гэта таксама сямейнае насілле! Таму бацька ці маці, якія «захапіліся» выхаваннем дзіцяці з дапамогай рэменя ці іншых спадручных прадметаў, рызыкуюць тым, што ў адносінах да іх можа быць складзены адміністрацыйны пратакол.

Канешне, пытанні выхавання дзяцей – надзвычай няпростыя; іншы раз дзеці вызначаюцца такімі паводзінамі, што бацька ці маці не могуць стрымаць сябе. Але тут іншага выйсця няма, як займацца выхаваннем сына і дачушкі з самага ранняга ўзросту. Тады сумна вядомы «пераходны ўзрост» можна будзе трымаць пад кантролем. А пакуль што прадстаўнікі сістэмы адукацыі і праваахоўных органаў будуць трымаць пад пільным кантролем стан здароўя дзіцяці і, калі трэба, зробяць усё магчымае, каб абараніць яго ад роднага таты ці мамы, як бы не парадаксальна гэта не гучала.

Фото: из открытых источников (иллюстрация)

Источник: onlinebrest.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.