«Паштовая гісторыя» стала пачаткам шчаслівай сям’і ў Камянецкім раёне

0 3

«Паштовая гісторыя» стала пачаткам шчаслівай сям’і ў Камянецкім раёне

Летась з нагоды 55-гадовага юбілею дзеці і ўнукі Вольгі Рыгораўны Трафімук са Ставаў падарылі ёй, любімай матулі і бабулі, калекцыю фатаграфій, на якіх адлюстраваны ўсе-ўсе-ўсе: 3 дачкі, 3 сыны, 2 унукі і 3 унучкі. Людзі, аб’яднаныя шчырай цеплынёй адно да аднаго і да самага роднага, самага дарагога чалавека – МАМЫ. Галавы вялікай сям’і Трафімукоў ужо 18 гадоў няма на гэтым свеце, але памяць пра яго захоўваецца ў сэрцах…

«Паштовая гісторыя» стала пачаткам шчаслівай сям’і ў Камянецкім раёне

Знаёмства Вольгі і Фёдара адбылося на пошце ў Ставах, дзе яна працавала і куды ён прыйшоў адправіць пісьмо. У іх, як аказалася, было шмат агульнага і ў першую чаргу тое, што абое выраслі ў мнагадзетных сем’ях. Яна была адной з пяці сясцёр, а ён рос з сямю братамі і сёстрамі. Баць­кі Фёдара пераехалі ў родныя Вользе Ставы з Украіны, а потым і ён, адслужыўшы ў арміі, накіраваўся ў гэту ма­ляўнічую вёсачку Камянецкага раёна.

“Паштовая гісторыя” стала пачаткам шчаслівай сям’і. Фёдар і Вольга пабраліся шлюбам, знайшлі работу ў мясцовым калгасе (сёння – ААТ “Александрыя-Агра”): жонка – даяркі, муж – механізатара. Адзін за адным пайшлі дзе­ці… Наталля і Зоя, Валерый і Алёна, Кірыл і Дзмітрый.

– Усіх іх выхоўвалі дабром, – прыгадвае Вольга Рыгораў­на. – Ніколі не было лаянкі і па­ка­ранняў у нашым доме. Дзеці добра вучыліся ў школе, да­па­магалі адно аднаму рабіць уро­кі, а да мяне – ці паверыце? – ніколі не звярталіся з гэтай нагоды, хіба толькі верш, вывучаны на памяць, прасілі па­слухаць… Дапамагалі на немалым агародзе, па гаспадарцы дома, а таксама на ферме, дзе працавала. Усе мае хлоп­чыкі і дзяўчынкі ўмеюць даіць карову.

«Паштовая гісторыя» стала пачаткам шчаслівай сям’і ў Камянецкім раёне

Пазней, калі мужа ўжо не было, мне прапанавалі вучобу ў каледжы, пасля якой магла стаць заатэхнікам. Спачатку баялася пакідаць дзяцей без нагляду на час экзаменаў, але яны запэўнілі: справімся! І спра­віліся! Дзякуючы самастой­насці маёй шасцёркі змагла скарыстаць выдатную магчымасць вучыцца.

На заслужаны адпачынак, дарэчы, мая суразмоўца пай­шла датэрмінова – у 46 гадоў, як і прадугледжана законам для мнагадзетных матуль. Ёсць у Вольгі Рыгораўны і ганаровы ордэн Маці.

– У 1997-м, калі малодшаму сыну Кірылу споўнілася 8 га­доў, мне ўручылі ўзнагароду ў праўленні нашага калгаса. Хвалюючы і прыемны момант! Гаспадарка, помню, падарыла вельмі прыгожы сервіз на ўсю сям’ю, а калегі цёпла він­ша­валі.

«Паштовая гісторыя» стала пачаткам шчаслівай сям’і ў Камянецкім раёне

Калі пытаюся пра прафесіі, абраныя дзецьмі, Вольга Тра­фімук не без гонару расказвае пра кожнага паасобку. Так, Наталля і Валерый працуюць сёння ў той жа “Александрыі-Агра” (жывёлаводам і рознарабочым адпаведна), Зоя – поварам Чарнаўчыцкай СШ, Алёна – галоўным ветэрынарным урачом цяплічнага камбіната “Бярэсце” ў Тэльмах, Кірыл – ваеннаслужачы 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады, а Дзміт­рый пакуль шукае сваё пак­лі­канне.

Усе дочкі ўжо замужам, па­дарылі матулі 2 унукаў і 3 уну­чак, якія з радасцю і вялікай ахвотай бавяць лета ў Ставах, дзе так весела і прывольна. А пры іх і бабулі сумаваць няма калі.

Цікаўлюся, ці часта ўся вя­лікая сям’я збіраецца разам.

– Вось на Вялікдзень суст­ракаліся, – усміхаецца Вольга Рыгораўна. – У нас з трыма сёстрамі, дзве жывуць у Ставах, адна ў Высокім, ёсць традыцыя. Першы дзень вяліка­га свята Уваскрэсення Хрыс­товага сустракаем у сваіх дамах, а другі – у бацькоўскім. Там сабралася ў бягучым го­дзе недзе чалавек з 40. Шумна! І шчасна.

Не магу абмінуць увагай і мінулагодні юбілей…

– Дзеці спявалі мне песні, прысвечаныя маці. Адна з дачок, Зоя, напісала сцэнарый, размеркавала паміж усімі словы. Атрымалася вельмі кранальна – да слёз! Кожны пад­рыхтаваў свой падарунак. Быў вельмі прыгожы і смачны торт. Усё, як мае быць.

І дарэчы, паказальны факт. Усе дзеці тэлефануюць Вользе Рыгораўне штодзень. Заўсёды.

– Мой тэлефон проста чырвоны робіцца ад такой коль­касці званкоў! – смяецца яна.

– Што вы параілі б жанчыне, якая сумняваецца, быць мнагадзетнай мамай ці не?

– Абавязкова быць! Не бой­цеся гэтага. Мацярынства – вялікая радасць і шчасце. Аба­піраючыся на вопыт, скажу: адно дзіця – гэта сіротка, а вось два і больш – упэўне­насць, што нехта абавязкова прыйдзе табе на дапамогу. Такое дарагога каштуе.

– Што азначае для вас быць мамай?

– Быць чалавекам, у першую чаргу. Каб душа была, дабрыня, жаноцкасць. Мама – гэта святое.

І дзеці Вольгі Трафімук, безумоўна, з гэтым згодзяцца!

Фото: з архіва сям’і Трафімукоў

Источник: onlinebrest.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.